ТЭРМАЯ́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
ядзерныя рэакцыі паміж лёгкімі атамнымі ядрамі (вадароду, дэйтэрыю, трытыю і інш.), што адбываюцца пры звышвысокіх т-рах (T ≥ 107—108 К).
Найб. тыповыя Т.р. — рэакцыі зліцця (сінтэзу) лёгкіх ядраў у больш цяжкія — абумоўлены малой энергіяй сувязі нуклона ў такіх ядрах і іх рыхлай структурай. Т.р. прыводзяць да вылучэння вял. колькасці энергіі (напр., 1H + 3T → 4He + 19,7 МэВ). Адбываюцца пры збліжэнні ядраў на адлегласць, параўнальную з радыусам дзеяння ядз. сіл, і пераадоленні імі кулонаўскага патэнцыяльнага бар’ера, што магчыма толькі пры вельмі высокай кінетычнай энергіі ядраў. Звышвысокая т-ра неабходна толькі на пачатку Т.р., потым яна падтрымліваецца энергіяй, што вылучаецца. У розных Т.р. колькасць энергіі (энергавылучэнне) амаль аднолькавая, аднак эфектыўныя сячэнні ўзаемадзеяння, якія характарызуюць лёгкасць (імавернасць) ажыццяўлення, якія характарызуюць лёгкасць (імавернасць) ажыццяўлення Т.р., адрозніваюцца на некалькі парадкаў; найб. эфектыўныя сячэнні маюць рэакцыі 2D + 2D і 2D + 3T. На Сонцы і інш. зорках Т.р. — асн. крыніца энергіі. Штучныя Т.р. ажыццёўлены пры выбухах вадародных бомбаў (гл. Ядзерная зброя), у якіх неабходную для Т.р. т-ру атрымліваюць у выніку выбуху атамнага запалу. Кіроўныя Т.р. магчымы, калі ў тэрмаядз. рэактары доўгі час утрымліваюць дастаткова шчыльную высокатэмпературную плазму пры яе эфектыўнай тэрмаізаляцыі ад навакольнага асяроддзя. Тэрмаядз. рэактары з’яўляюцца перспектыўнымі крыніцамі энергіі з-за практычна невычарпальных запасаў таннага дэйтэрыевага паліва ў водах акіянаў, бяспекі адносна выбухаў і радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Арцимович Л.А. Управляемые термоядерные реакции. М., 1963;
Балабанов Е.М. Термоядерные реакции. М., 1963;
Гинзбург В.Л. Современная астрофизика. М., 1970;
Лукьянов С.Ю. Горячая плазма и управляемый ядерный синтез. М., 1975;
Ядерная астрофизика: Пер. с англ. М., 1986.
Э.А.Рудак.
т. 16, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)